У 21-м выпуску тэлешоу «Добры вечар» на Беларусь 1 здзівіў гледачоў не менш, чым зорка расійскай эстрады Аляксандр Маршал, Аляксандр Пятроўскі. Пасля таго як быў паказаны тэлесюжэт з вёскі Басманаўка, прыхільнікаў яго здольнасцей стала ў разы больш. Госці тэлеперадачы, пацікавіўшыся сабекоштам і часам, неабходным для вырабу незвычайнай пакуль для нашай мясцовасці транспартнай адзінкі, адразу ж сталі запісвацца ў чаргу на такія заказы.
Андрэй Анатольевіч расказаў з чаго пачалося яго захапленне. Ад яго дома ў вёсцы да Слуцкай трасы, школы, магазінаў, цэнтра сельскага Савета ў Возеры, іншых важнейшых і неабходных для жыццядзейнасці аб’ектаў каля трох кіламетраў. Самому можна і на аўтамабілі крутнуцца, а як быць дзецям, жанчынам, тым, хто не мае ўласнага транспарту? Вось і ўзнікла ідэя стварыць тэхніку, якая будзе крыху адрознівацца ад веласіпеда, з дахам над галавой, каб і зімой можна было ездзіць, але без цяжкасцей з набыццём вадзіцельскіх правоў.
Літаральна за два тыдні ў 2020 годзе з сынам Уладзімірам сабралі першы чатырохколавы веламабіль. На ім і ў суседнія вёскі, і ва Узду ці Мінск можна з’ездзіць. І гэта не проста прымітыўная тэхніка, сабраная з таго, што Бог даслаў. Усталяваны ў машыне камп’ютар і хуткасць руху рэгулюе, і пераадоленыя адлегласці фіксуе.
Пасля стварэння першага веламабіля з’явіліся і іншыя, больш удасканаленыя, з улікам выяўленых у ходзе эксплуатацыі ранейшых недахопаў.
Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх на постсавецкай прасторы краін, дзе захавалася і развіваецца свая аўтамабільная прамысловасць, – заявіў у тэлестудыі Андрэй Пятроўскі. – Таму я лічу цалкам рэальным ажыццяўленне ў недалёкай будучыні сваёй даўняй мары – будаўніцтва ў Басманаўцы (а гэта ўсяго 23 кіламетры ад Мінска) завода (прадпрыемства) па выпуску веламабіляў. Ёсць БелАЗ, МАЗ, МТЗ, будзе і ВелаБас (ад слоў веласіпед і Басманаўка)!
Тэлегледачы ў двары майстра ўбачылі не толькі яго цуда-тэхніку, але і сабраную ім без электраінструментаў цяпліцу-піраміду, і ўраджай звычайных і грэцкіх арэхаў. Цяпер аб Пятроўскім ведае ўся Беларусь.