У раённай бібліятэцы прайшоў майстар-клас па вырабе лялькі-абярэга «Анёльчык». Яго правяла майстрыца з райцэнтра Людміла Дзюрычка.

На майстар-клас прыйшлі работнікі бібліятэкі, падапечныя і супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, рэабілітацыі інвалідаў. Спачатку яны даведаліся пра гісторыю ўзнікнення лялькі-абярэга. Супрацоўніца Дома культуры Лілія Шымановіч расказала ўдзельнікам мерапрыемства, пра тое, якія лялькі бываюць і для чаго іх рабілі ў старыя часы.
Затым пачаўся цікавы працэс вырабу лялькі. Людміла Дзюрычка падрабязна тлумачыла, што і як неабходна рабіць на кожным этапе.

– Лялька-анёл – гэта, бадай што, самая простая, але вельмі мілая абярэжная лялечка. Робяць яе мамы (або блізкія людзі) для маленькіх дзетак: можна зрабіць падчас цяжарнасці, можна – у любы час пасля нараджэння дзіцяці, а можна змайстраваць анёла разам з дзіцём, якое ужо падрасло. Можна проста зрабіць для дарагога вам чалавека, – патлумачыла Людміла Дзюрычка. – Займацца рукадзеллем я пачала ў перыяд пандэміі. Асаблівае месца ў маёй творчасці займаюць лялькі-абярэгі. У калекцыі шмат розных лялек, у кожнай з якіх свая гісторыя. Ёсць і тыя, якія паехалі за мяжу нашай краіны. Усе свае лялькі я ствараю з любоўю. Мне падабаецца спяваць, калі займаюся любімай справай. З даўніх часоў на Русі лялькі-абярэгі ў выяве светлага Анёла ўвасаблялі надзею і дабрабыт і вырабляліся для абароны ад гора, зла і хвароб. Анёл быў першай лялькай дзіцяці і заставаўся яго абаронцам да самага сталення.

Людміла Мікалаеўна растлумачыла, што раней лялькі-абярэгі майстравалі са сваёй старой вопраткі. Не выкарыстоўвалі нажніцы і іголкі, усё змотвалі ніткамі. Таксама абярэжныя лялькі рабілі, калі не было дома мужчын. Важнае значэнне мелі і чырвоныя ніткі, якімі змотвалі дэталі лялек. Усе тканіны павінны былі быць натуральнымі.

– Перамотваць трэба тры ці сем разоў, а таксама павязваць тры вузельчыка, – удакладніла майстрыца. – У гэтых лічбах ёсць свая магія і сэнс. Калі робіце ляльку, трэба думаць толькі пра добрае.
У выніку мерапрыемства кожны ўдзельнік майстар-класа навучыўся рабіць ляльку, якая ствараецца без іголкі і нажніц, шляхам шматразовага складання кавалачкаў тканіны, а таксама азнаёміўся з калекцыяй Людмілы Дзюрычка.
Дар’я Ясковіч
Фота аўтара
https://zorkanews.by/09102024/master-klass-po-oberezhnoj-kukle-provela-zhitelnicza-uzdy/