Чаму прысвяцілі вераснёўскі канцэрт ва Уздзенскай школе мастацтваў
З пачаткам навучальнага года Уздзенская дзіцячая школа мастацтваў зноў адчыніла свае дзверы для ўсіх дзяцей, хто хоча вучыцца танцаваць, маляваць і іграць на музычных інструментах!
Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку навучальнага года, прайшла ў актавай зале школы. Са словамі прывітання і віншаваннямі выступіў дырэктар ДШМ Анатоль Фалько.
Аб тым, што і ў школах мастацтваў, як і ў звычайных школах, павінны праходзіць урачыстыя лінейкі да Дня ведаў, на жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў у сферы культуры гаварыў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.
Анатоль Мечыслававіч адзначыў:
Сістэма адукацыі ў сферы культуры дастаткова развіта. Выкладчыкі паглыблены ў інавацыйныя працэсы, і мы атрымліваем вельмі добра падрыхтаваных спецыялістаў. Цэнім работу педагогаў і гаворым ім вялікі дзякуй за нястомную, штодзённую працу.
Святочнай лінейкай і быў дадзены старт працэсу навучання таленавітых дзяцей раёна ў школе мастацтваў.
– Новаўвядзенне ў ДШМ для нас стала вельмі нечаканым, але мы справіліся з задачай. Бацькі і дзеці даволі цёпла прынялі такое мерапрыемства і засталіся пад прыемным уражаннем, – распавядае Анатоль Фалько, які прысутнічаў на форуме і чуў выступленне міністра. – Для першаклашак на лінейцы выступілі нашы лепшыя таленавітыя вучні – удзельнікі і лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, ансамбль «Лаза» з кампазіцыяй «Мая сям’я – мая краіна».
Выказаў дырэктар ДШМ і шкадаванне аб тым, што не ва ўсіх старшакласнікаў атрымалася прыйсці на лінейку ў сувязі з раскладам школьных заняткаў.
– Тым не менш зала была поўная і палова фае таксама была занята бацькамі, – кажа Анатоль Фалько. – Я думаю, што ўсё прайшло вельмі выдатна і гэта не лішняя нагода заявіць аб нашай школе мастацтваў. А падобныя канцэртныя праграмы – гэта, можна сказаць, «візітная картка» нашай установы! Упэўнены, што гэты навучальны год будзе насычаным і яркім і для выхаванцаў, і для педагогаў.