10-гадовы юбілей адзначыла аддзяленне забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Уздзенскага ТЦСАН.
Урачыстае мерапрыемства «10 гадоў на актыўнай хвалі» прайшло ў цэнтры творчасці і сабрала нямала гледачоў.
Ганаровымі гасцямі свята сталі дырэктар ТЦСАН Наталля Жук, першы загадчык аддзяленнем Алена Дубовік, настаяцель Петрапаўлаўскай царквы Рыгор Чарапеннікаў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Усіх прысутных з юбілеем шчыра павіншавала Наталля Жук, успомніўшы імёны супрацоўнікаў, якія закладалі падмурак аддзялення і напаўнялі цікавымі мерапрыемствамі і дзейнасцю адпачынак прадстаўнікоў элегантнага ўзросту.
– Дзейнасць аддзялення – гэта місія дабра, любві і міласэрнасці. 10 гадоў – гэта не проста адрэзак часу. Гэта вялікая колькасць дзён, гадзін напружанай работы ўсіх супрацоўнікаў, – адзначыла ў сваім віншаванні Наталля Аляксандраўна.
– Мы ў неаплатным даўгу перад людзьмі старэйшага пакалення, але ў нашых сілах зрабіць іх жыццё лепшым, напоўніць яго цяплом і святлом, – заўважыла Алена Дубовік.

Душэўнай цеплыні, дабрабыту, міру і гармоніі пажадаў айцец Рыгор, адзначыўшы важнасць праводзімай у аддзяленні работы, зрабіўшы акцэнт на мерапрыемствах духоўнага зместу.
На словы віншавання не скупіліся і іншыя госці.



Мерапрыемства прайшло творча, насычана, цёпла, было багатым на віншаванні, узнагароды і падарункі. Атмасферу на ім стваралі самі падапечныя аддзяленні. Дамы элегантнага ўзросту спявалі песні, ставілі аўтарскія сцэнкі, танчылі, займаліся фізкультурай, здзіўлялі вышыўкай і вырабамі…

Шчырых нотак мерапрыемству дадалі выхаванцы дзіцячага сада №3 і навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.
На пытанне «Што дае вам аддзяленне?» у адказ пачула аднагалоснае:
– Здароўе, сустрэчы з размовамі і запал. Мы тут забываемся пра ўзрост, мы ўсе маладыя. А яшчэ наведванне аддзялення – гэта цудоўная нагода выйсці ў свет, прывесці сябе ў парадак і трымаць у тонусе!


Вера Лукашэвіч