На сёння заданне: пясчаны кар’ер. Хто жадае там папрацаваць?
«Кар’ер пяшчаны – два чалавекі», – успомнілася знакамітая фраза з савецкага фільма. Толькі не знайшлося добраахвотнікаў ступіць на крок наперад. Паколькі іншых нарадаў не было, традыцыйныя «двое» адправіліся ў Валяр’яны.

Натужлівы рокат рухавікоў чуваць праз аўтамабільнае акенца яшчэ задоўга да прыбыцця на месца. Насустрач імчыць гружаная габарытная тэхніка. Пад’язджаючы, любуемся: у лясным масіве за дваццаць кіламетраў ад райцэнтра ўтварыўся вялізны катлаван, дзе варушацца пагрузчыкі, ходзяць самазвалы, а ў эпіцэнтры гучна грукоча незвычайны агрэгат. У кар’еры жыццё кіпіць. Летняе сонца асляпляе, а пейзажы вакол здаюцца ненатуральна яркімі.

– Месцы сапраўды найпрыгажэйшыя. Каляровая гама тут насычаная з вясны да позняй восені, – згаджаецца пры сустрэчы горны майстар Ірына Шмакава. – І пяскі, то белыя, то чырвоныя здабываем.
Што для журналістаў – рамантыка, то для прафесіяналаў – нялёгкая і напружаная праца. Дарожна-будаўнічы кар’ер распрацаваны ў Валяр’янах у 2019 годзе сіламі ДРБУ-163. Перапрацавалі 20 га, засталося 11. Потым тэрыторыю рэкультывуюць і перададуць лясгасу.
У кар’еры здабываюць пясок. Камянёў высейваецца мала, але вырабляюць буйны і дробны шчэбень, робяць сумесі. Усё выкарыстоўвае само прадпрыемства, не абысціся без гэтага пры будаўніцтве капітальных аб’ектаў і дарог у сталіцы і Мінскай вобласці, шырока прымяняецца ў камунальнай гаспадарцы, рэалізуецца для патрэб прыватным кампаніям і насельніцтву.


– Глядзіце, вялікая чырвоная ўстаноўка на гусенічным хаду, – ківае майстар удалячынь. – Гэта мабільны «Грохат». У ім здабытыя пароды падзяляюцца на розныя фракцыі. Тры гады таму наша ДРБУ-163 выкупіла яго ў прыватніка. Агрэгату амаль 20 гадоў, нягледзячы на шаноўны ўзрост, валодае добрай прадукцыйнасцю. У цэлым за васьмігадзінную змену можна перапрацаваць ад 800 да 1400 кубічных метраў усіх матэрыялаў.

Пульт кіравання ў надзейных руках бацькі Ірыны – Міхаіла Сетуна. Дачка прапанавала спусціцца ў кар’ер, каб паназіраць за працэсамі. На пярэднім плане дарога, якая вядзе да так званай сартавальнай станцыі. Чым бліжэй да «Грохату», тым больш закладвае вушы. Насустрач выйшаў Міхаіл. У мінулым дарожны майстар, а цяпер прафесійны грахатоўшчык.
– Пультам кіраваць лягчэй, чым за рулём сядзець, – пацікавіліся ў гаспадара цуда-тэхнікі.
– За змену з васьмі раніцы да пяці вечара нават прысесці некалі: заправіць, абслужыць, прадуць засор, – пералічвае кола клопатаў Міхаіл. – За тэхнічным станам трэба сачыць пастаянна, каб не здарылася глабальнай паломкі. Гэты канвеер прамаруджвання не церпіць. Вось, маецца быць па-хуткаму замяніць сіта ў корабе, які пад уздзеяннем пэўных механізмаў стварае важны працэс грукачэння.
Да павышанага шуму гаспадар усталёўкі прывык, няспраўнасці дакладна вызначае на слых.
– Канешне, нагрузка на вушы ёсць, – не скрывае Міхаіл. – На самай справе работа падабаецца і прыносіць задавальненне. Інакш навошта тады працаваць?

Цікава назіраць і за работай пагрузчыкаў. Адзін замацаваны толькі за «Грохатам». Пароды з забою чэрпаюцца каўшом і адразу ж перасыпаюцца ў сепаратарны барабан, дзе адбываецца фільтраванне. Прасцей кажучы, пясок аддзяляецца ад камянёў, і галька размяркоўваецца на два віды: дробную і буйную. У цэлым жа мабільная ўстаноўка прасейвае, ачышчае, падзяляе на фракцыі, калібруе. Буры, паветраны пясок, сумесі, гравій фармуюцца ў акуратныя горкі.
Заказчыкаў абслугоўвае другі пагрузчык. Такое адчуванне, што ён на пульце кіравання, настолькі грацыёзна, дакладна і хутка рухаецца па вызначанай траекторыі, умела манеўруючы пяцітонным каўшом. Пакуль праводзім поглядам адну магутную машыну, ужо ад’язджае наступная. Калі чарговы нагружаны МАЗ зрываецца з месца, карыстаемся момантам і спяшаемся пазнаёміцца з віртуозам. Прыйшлося ўгаворваць спусціцца з кабіны, інакш не дакрычацца.

– Я ў ДРБУ-163 свой, дзесяць гадоў адпрацаваў тут вадзіцелем пагрузчыка, пакуль не перайшоў у «Айвекабуд». Цяпер ад гэтай кампаніі аказваю паслугі роднай дарожнай службе, – усміхаецца Міхаіл Трыгубовіч.
Работа для яго – хобі, ад якога атрымлівае сапраўднае задавальненне. І тэхніку нахвальвае. Кандыцыянер у кабіне стварае камфортную тэмпературу, калі на вуліцы слупок градусніка набліжаецца да адзнакі +30°C. А бартавы камп’ютэр пры запуску аўтаматычна правярае ўсе вузлы ў машыне, калі нешта няспраўна, падкажа. Аб’ект абслугоўвання курортны – у самым эпіцэнтры жывой прыроды. Тут і зайцы бегаюць, ласі ходзяць, казулі гарэзнічаюць. Прыязджае дадому ва Узду і дочкам расказвае, з кім давялося павітацца за дзень.
«Усё, як ва ўсіх», – падагульніў размову Міхаіл і спрытна заскочыў у кабіну. І зноў упэўнена падаўся наперад, заступаючы на зыходную пазіцыю, каб аператыўна набраць і пагрузіць патрэбны матэрыял у прычэп грузавіка, які ўжо зачакаўся.

Кар’ерная гаспадарка ў Валяр’янах не маленькая, а калектыў усяго шэсць чалавек. Але кожны, па сцвярджэнні горнага майстра, выдатна ведае сваю справу. Ірына арганізуе работу на месцы ўжо чацвёрты год. А поўны стаж у ДРБУ-163 складае шэсць гадоў. Прыйшла на пасаду дарожнага майстра, а стала горным.
– Па дыпломе я будаўнік лясных дарог. Гэта быў свядомы выбар. Такія брутальныя прафесіі мне па душы, на іншыя не глядзела нават, – не скрывае дзяўчына. – І адказнасці не баюся. Відаць, нам з сястрой, гэта перадалося ў спадчыну. Наша маці ў лясніцтве працавала. Бацька і брат моцныя духам і мужныя.
А яшчэ горны майстар любіць парадак і гармонію не толькі ў навакольнай прыродзе. Разам з вагаўшчыцай Таццянай Лятун ствараюць яе сваімі рукамі. Напрыклад, дыспетчарскую ўпрыгожваюць дагледжаныя клумбы з пышнымі кветкамі і архітэктурныя формы. А ў калідорчыку кош з грыбочкамі стаіць. Калі абедзенны час не запоўнены вытворчымі пытаннямі, дзяўчаты не адмаўляюць сабе ў слабасці зазірнуць у лясны гушчар.
Ужо восень, але да лістапада, пакуль не завершыцца сезон здабычы парод, у работнікаў кар’ера яшчэ нямала гарачых тыдняў.
Наталля СТАНКЕВІЧ
Фота Сяргея ШАРАЯ