Уздзенскі раённы выканаўчы камітэт

05.07.2024 11:28 (обновлено: 27.11.2024 11:29)

Адна з лепшых ткачых Мінскай вобласці жыве ва Уздзе

Дыплом першай ступені з абласнога свята-конкурсу па ткацтве “Матчыны кросны” прывезла ткачыха з Узды Тамара Місюкевіч.

Майстрыха адзначана ў намінацыі “За высокае прафесійнае майстэрства і лепшы тканы пояс у тэхніцы пераборнага ткацтва”.

Цікавасць да ткацтва Тамара Мікалаеўна выяўляла ў дзяцінстве. У іх вясковай хаце было столькі тканых вырабаў: коўдры, ручнікі…

– Я паставіла сабе мэту навучыцца ткаць паясы. Тым больш што на Уздзеншчыне майстрам па ткацтве лічылася манашка Васа, якая выпусціла кнігу пра традыцыі гэтага рамяства ў Беларусі. Мне пашанцавала займець такі грунтоўны падручнік, – распавяла Тамара Місюкевіч. – Многія ўзоры, змешчаныя ў кнізе, асвоіла сама і некаторыя з маіх вучняў. А яшчэ я вучылася гэтаму рамяству ў Наталлі Канановіч, яна з Расіі.

З кожным новым вырабам Тамара Місюкевіч набіралася вопыту, ад чаго жаданне даведвацца яшчэ і яшчэ не змяншалася.

Свае працы жанчына выстаўляла на розных выставах, удзельнічала ў конкурсах. І заўсёды атрымлівала высокую адзнаку членаў журы.

Дарэчы, пра конкурс. Конкурс па ткацтве «Матчыны кросны» праводзіцца адзін раз на тры гады. І ўдзельнічае ў ім Тамара Місюкевіч увесь час. У мінулым, які праводзіўся ў 2021 годзе, у яе таксама быў дыплом 1 ступені – “За лепшае каларыстычнае рашэнне пояса”.