Пад’ём у восем раніцы, каша на сняданак і агульны збор на парозе школы. Галоўнае – галаўны ўбор не забыцца, бо на вуліцы пякучае летняе сонца. Такі парадак дзеянняў для старшакласнікаў з лагера працы і адпачынку СШ №1 А. Пушкіна. Яны вырашылі не прысвячаць чэрвень гультайствам, а зарабіць грошай і з карысцю правесці час са школьнымі таварышамі. У гадавальніку Уздзенскага лясгаса з задавальненнем прымаюць маладых працоўных і навучаюць усяму, што ведаюць самі.
– У гэтым годзе ў лагер прынялі 20 чалавек, – распавядае начальнік лагера Дзмітрый Чарнавус. – З 9 раніцы да 12 яны працуюць у гадавальніку. Хлопцы задзейнічаны на праполцы саджанцаў.
Да працы падышлі адказна. Многія з іх ужо не першы год наведваюць школьны лагер. Адзначаюць, што заробак годны і праца не складаная. А яшчэ бавяць час у добрай кампаніі. Сёлета на гадавальніку працуюць і хлопцы са школы №2 К. Крапівы.
– З лясгасам супрацоўнічаем даўно, там заўсёды рады прыняць дапамогу. Дапамагаюць навучэнцы і на школьным участку, – тлумачыць Дзмітрый Аляксандравіч. – У спякотныя дні займаюцца палівам. Робяць гэта кожны дзень. А зялёная тэрыторыя ў школы прыстойная, па перыметры мільгаюць кветнікі, шмат дэкаратыўных насаджэнняў. Усё гэта трэба захаваць.
Кантроль за такімі лагерамі ажыццяўляецца сур’ёзны, асабліва за ўмовамі працы ў іх. Дзяцей дапускаюць да працы толькі пасля праходжання курса па тэхніцы бяспекі. У залежнасці ад віду работы рабят забяспечваюць спецадзеннем і вытворчым інвентаром. У вольны час, як і ў звычайным лагеры, акрамя харчавання працуючым школьнікам прапануюць разнастайнае бащленне часу – канцэрты, конкурсы, экскурсіі, паходы ў кіно і г.д.